Бржазоўская Людміла (н. 1946), артыстка балета, педагог. Народная артыстка Беларусі (1975). Скончыла Беларускую харэаграфічную навучальню (1966), Менскі інстытут культуры (1987). З 1989 выкладала ў Беларускай харэаграфічнай навучальні, з 1994 на кафедры харэаграфіі Беларускай акадэміі музыкі, адначасова з 1997 - педагог-рэпетытар у Нацыянальным акадэмічным тэатры балета Беларусі. У 1966-1989 вядучая танцоўшчыца Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Выканальніцкае мастацтва Б. вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, спалучала ўменне выявіць унутраную сутнасць вобраза з сучасным пластычным малюнкам танца і завершанасцю ліній. Сярод лепшых партый - Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ - Р.Шчадрына), «Адэта-Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана) і інш. Здымалася ў тэлевізійных варыянтах класічных балетаў «Лебядзінае возера», «Жызэль», «Шчаўкунок» і інш., створаных у Беларусі і Румыніі. Ёй быў прысвечаны творчы тэлевечар «Танцуе Людміла Бржазоўская» (на Беларускім тэлебачанні).