Глебаў Яўген (н. 1929), кампазітар і педагог. Народны артыст Беларусі (1973), народны артыст СССР (1984). Дзяржаўная прэмія Беларусі (1970). Скончыў Беларускую кансерваторыю (1956). Выкладаў у Менскай музычнай навучальні, з 1971 у Беларускай акадэміі музыкі. Значна ўзбагаціў жанры балета і сімфоніі. Музыцы Г. ўласцівы вялікая сіла эмацыянальнага ўздзеяння, дасканаласць музычнай формы, інтанацыйнае багацце тэматызму, заснаванага на беларускай народнай песеннасці. Самабытна пераўтвараў у творчасці беларускі народна-песенны матэрыял, імкнуўся да ўвасаблення агульначалавечых праблем сучаснасці, гістарычнага мінулага. Надаваў значную ўвагу тэмбравай драматургіі, своеасаблівым, нетрадыцыйным гукавым спалучэнням. Літаратурнай першакрыніцай яго найлепшых балетаў паслужылі вядомыя творы беларускай і сусветнай літаратуры (Я.Купалы, В.Быкава, А. дэ Сент-Экзюперы, Ш. дэ Кастэра і інш.). Аўтар сімфоній, канцэртаў, араторый, кантат, твораў для эстраднага аркестра і інш. Сярод твораў - балеты «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд., 1974; 2-я рэд., 1977), «Маленькі прынц» (1982), «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэта «Мільянерка» (1986), «Харэаграфічныя навелы», «Альпійская сімфонія-балада» і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць