Бярдзяеў Мікалай Аляксандравіч (1874-1948), расейскі філосаф. Вучыўся ў Кіеўскім універсітэце, але не скончыў яго з-за арышту ў 1898. Займаўся самаадукацыяй, вывучаў сусветную філасофію, сацыялогію, гісторыю, псіхалогію. У 1900 апубліваў сваю першую кнігу «Суб'ектывізм і індывідуалізм у грамадскай філасофіі». У 1907 выдаў зборнік артыкулаў пад назвай «Новая рэлігійная свядомасць і грамадскасць». Удзельнічаў у рэдагаванні часопісаў «Новы шлях» і «Пытанні жыцця» (1904-1905), выступаў з дакладамі на пасяджэннях рэлігійна-філасофскага таварыства ў Пецярбургу. У 1911 выйшла яго кніга «Філасофія свабоды». Сцвярджаў, што вытокі культуры сакральныя, паколькі яна нарадзілася з культа і была шчыльна звязана з рэлігійным жыццём. Культура па свайму зместу мае сімвалічны характар, у ёй феномены духоўнай жыццядзейнасці людзей адлюстроўваюцца ў сімвалічнай форме. Лічыў, што менавіта ў сферы культуры ажыццяўляюцца асноўныя мэты грамадства. Паводле Б., культура паступова пераходзіць у цывілізацыю. Культура ёсць з'ява глыбока індывідуальная, непаўторная, а цывілізацыя, наадварот, агульная і паўсюдна паўтаральная. У кожнай культуры, на думку Б., дзейнічаюць два пачаткі - кансерватыўны, накіраваны на мінулае і звязаны з ёй шляхам пераемнасці, і творчы, які звернуты да будучыні і стварае новыя каштоўнасці. Меркаваў, што ў культуры не можа дзейнічаць разбуральны, рэвалюцыйны пачатак, паколькі ён па сваёй сутнасці з'яўляецца антыкультурным, варожым сапраўднай культуры.

Паведаміць пра недакладнасьць