Сацыялогія (ад лац. societas - грамадства), навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сацыяльных супольнасцей і працэсаў, пра сацыяльныя адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Вывучае таксама адносіны асобы і грамадства, заканамернасці масавых паводзін людзей. Аб'ектам сацыялагічнага пазнання з'яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сацыяльны арганізм. Спробы асэнсавання грамадскага жыцця ўзніклі ў эпоху антычнасці (Платон, Арытоцель). Стварыць «пазітыўную навуку» аб грамадстве ў сярэдзіне 19 ст. спрабаваў А.Конт (увёў і сам тэрмін «С.»). У 19 - пачатку 20 ст. у межах С. вылучыліся геаграфічная школа, дэмаграфічная школа, біялагічны кірунак і інш. Канцэпцыі буйнейшых сацыёлагаў (Ф.Цёніса, Г.Зімеля, Э.Дзюркгейма, В.Парэта, М.Вебера і інш.), якія абапіраліся на філасофію пазітывізму, неакантыянства, філасофію жыцця і інш., унеслі істотны ўклад у развіццё С. З 1920-х г. у С. атрымалі развіццё метады, тэхніка і працэдуры эмпірычных даследаванняў, адбылася спецыялізацыя С. (сацыялогія культуры, С. сям'і, горада, права і інш., звыш 40 галін). У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэтычных арыентацый, самая ўплывовая з іх - структурны функцыяналізм (Т.Парсанс, Р.Мертан і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць