Конт Агюст (1798-1857), французскі філосаф; заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. Вучыўся ў Політэхнічнай школе ў Парыжы, дзе потым працаваў настаўнікам. Распрацаваў «закон трох стадый» у развіцці цывілізацыі, індывідаў і кожнай з навук - «тэалагічная» (ёй уласцівы фетышызм, уплыў на жыццядзейнасць звышнатуральных сіл, багоў і духаў, вера ў абсалютную ўладу і боскае права каралёў); «метафізічная» (замест звышнатуральных сіл у якасці прычын выступаюць розныя абстрактныя агенты - «ідэі», «сілы», «апошнія сутнасці»; праўленне закону замест улады каралёў і свяшчэннікаў); «пазітыўная» (павелічэнне значэнння рацыянальных ведаў, развіццё індустрыяльнага грамадства). Падзяляў сацыялогію на сацыяльную статыку і сацыяльную дынаміку, асноўным паняццем якой з'яўляецца «прагрэс». Навука, паводле К., пазнае не сутнасці, а з'явы. Асноўныя працы - «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1-6; 1830-1842), «Сістэма пазітыўнай палітыкі» (т. 1-4; 1851-1854).

Паведаміць пра недакладнасьць