Дзюркгейм Эміль (1858-1917), французскі сацыёлаг, адзін з першых прадстаўнікоў функцыяналізму. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1882). Выкладаў у некалькіх правінцыяльных ліцэях, чытаў лекцыі па сацыяльных навуках і педагогіцы ва ўніверсітэце ў Бардо (1887-1902). З 1902 працаваў у Парыжскім універсітэце. У 1896-1914 заснаваў і кіраваў «Сацыялагічным штогоднікам». Лічыў, што грамадства ўяўляе сабой сістэму сацыяльных з'яў, якія выконваюць пэўныя функцыі, адпавядаючыя «сацыяльным патрэбнасцям». Д. меркаваў, што падзел працы ў развітым грамадстве служыць для падтрымання яго «салідарнасці». На яго думку, усе сістэмы маралі вытворныя ад арганізацыі грамадства, пры гэтым кожнае грамадства стварае мараль, патрэбную для яго належнага функцыянавання. Увёў у навуковы ўжытак паняцце калектыўнай свядомасці. Сцвярджаў, што сацыяльнае жыццё залежыць ад сістэмы каштоўнасцей, якія падзяляюцца сябрамі грамадства, а функцыя сацыяльных і рэлігійных рытуалаў заключаецца ў падтрыманні і захаванні ўласцівых людзям агульных каштоўнасцей. Яго асноўныя працы - «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Правілы сацыялагічнага метаду» (1895), «Самазабойства: сацыялагічнае даследаванне» (1897), «Элементарныя формы рэлігійнага жыцця» (1912), «Сацыялогія і філасофія» (1924) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць