Готыка (гатычны стыль), мастацкі стыль, распаўсюджаны ў эўрапейскіх краінах у 12-13 ст. Назва паходзіць ад імя германскага племені «готаў». Гэтаму стылю ўласцівы: панаванне ў архітэктуры стральчатых формаў, вертыкальных ліній; лёгкія калоны; высокія востраканечныя вежы; ажурная каменная разьба, скульптура, шматлікія каляровыя вітражы; багаты дэкор. Гатычныя саборы з іх вышынёй, накіраванасцю ўверх, у неба сімвалічна адлюстроўвалі імкненне чалавека да Бога, з'яўляліся своеасаблівым адлюстраваннем усяго Сусвету, вобразам гарманічнага Божага свету. Найбольш знакамітымі ўзорамі гатычнага стылю з'яўляюцца Сабор Парыжскай Божай Маці, а таксама саборы ў Рэймсе, Шартры, Сен-Дэні, Ам'ене. Гатычная скульптура ўпрыгожвала саборы (найперш на парталах, а таксама ў інтэр'еры). Цэнтрам інтэр'ернага мастацтва было скульптурнае распяцце. Вобразамі гатычных скульптурных кампазіцый былі Ісус Хрыстос, Багародзіца, каталіцкія святыя, каралі. Многія скульптурныя творы вызначаліся надзвычайнай эмацыянальнасцю, драматычнасцю, выразнасцю. У дэкаратыўным афармленні гатычных храмаў шырока выкарыстоўваліся шматкаляровыя вітражы і мазаікі. У Г. мелі месца выцясненне рацыянальнага падыходу свабодным палётам творчай думкі, пераход ад выяў фантастычных істот да раслінных сюжэтаў (пераважна кветак і лісця).
У Беларусі Г. прадстаўлена пераважна помнікамі архітэктуры. У 15-16 ст. на беларускіх землях сфармаваўся своеасаблівы стыль, для якога характэрны спалучэнне элементаў, рыс уласна Г. і рэнесансу, традыцый візантыйскага стылю і старажытнарускага манументальнага дойлідства. Такі сінтэз надаў мясцовым архітэктурным помнікам непаўторны каларыт і мастацкую каштоўнасць (напр., Сынковіцкая царква-крэпасць). Аб'ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, вызначаюцца мяккай прарысоўкай ліній, архітэктурны дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Асноўнымі дэкаратыўнымі элементамі былі абрамленні парталаў і ваконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы (Наваградская Барысаглебская царква). Архітэктурныя формы, канструкцыі і будаўнічая тэхніка стылю Г. ўласцівы для замкавага дойлідства 16-17 ст. (Стары замак у Горадні, Наваградскі замак, Мірскі замак). У драўляным дойлідстве асобныя элементы Г. захоўваліся да 18 ст.