Грыфіт Дэйвід Уорк (1875-1948), амерыканскі кінарэжысёр, акцёр, сцэнарыст. Да прыходу ў кінематограф Г. пісаў апавяданні, вершы і п'есы, спрабаваў сябе як тэатральны акцёр. У 1907 пачаў актыўна прапаноўваць свае сцэнарыі кінастудыям, выступаць як акцёр у асобных фільмах. У 1908 дэбютаваў як рэжысёр фільма «Прыгоды Долі». На працягу 1908-1913 паставіў звыш 300 карцін (пераважна кароткаметражных), у якіх шукаў новыя сродкі мастацкай выразнасці. Найвышэйшым творчым дасягненнем Г.-рэжысёра лічыцца яго стужка «Нараджэнне нацыі» (1915), прысвечаная падзеям Грамадзянскай вайны ў ЗША. Гэты надзвычай працяглы (больш за тры гадзіны) фільм атрымаў вялікі камерцыйны поспех і быў прызнаны шэдэўрам сусветнага кінамастацтва. Яшчэ адзін выдатны твор Г. - «Нецярпімасць» (1916) - паказваў розныя гістарычныя эпохі і аказаў істотны ўплыў на развіццё кінематографа. Да ліку найбольш важных творчых здабыткаў, навацый Г. адносяцца выкарыстанне рухомай камеры, распрацоўка прынцыпаў кінамантажу, вызваленне кінамастацтва ад тэатральнай умоўнасці. Сярод яго паспяховых пастановак - фільмы «Сэрца свету» (1918), «Зламаныя парасткі» (1919), «Шлях на Ўсход» (1920), «Хіба жыццё не цудоўнае?» (1924) і інш. Г. з вялікай цяжкасцю прыняў выкарыстанне гуку ў кіно. Быў адным з заснавальнікаў кінакампаніі «Юнайтэд Артыстс».

Паведаміць пра недакладнасьць