Далі Сальвадор (1904-1989), гішпанскі жывапісец, прадстаўнік сюррэалізму. Вучыўся ў мадрыдскай Акадэміі мастацтваў. Лічыцца адным з найвялікшых мастакоў і апошнім мастацкім геніем 20 ст. Стварыў мноства арыгінальных карцін на гістарычныя, рэлігійныя, філасофскія тэмы - «Прадчуванне грамадзянскай вайны ў Гішпаніі» (1936), «Атамная Леда» (1949), «Тайная вячэра» (1955), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959) і інш. Яго творы вызначаюцца нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай выканання і нярэдка ўяўляюць сабой фантасмагорыі, у якіх самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца бачная дакладнасць і пераканальнасць. Распрацаваў «паранаідальна-крытычны» метад творчай працы, заснаваны на адлюстраванні ірацыянальных імпульсаў, сноў, вобразаў трызнення. Аўтар «Дзённіка генія», аўтабіяграфіі «Таемнае жыццё Сальвадора Далі, напісанае ім самім» (1942). Рабіў дэкарацыі да балетаў і спектакляў. Прымаў удзел (разам з Л.Бунюэлем) у стварэнні двух сюррэалістычных фільмаў - «Андалузскі сабака» (1929) і «Залаты век» (1931).