Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч (1821-1881), расейскі пісьменнік, мысліцель. Паходзіў са старажытнага беларускага роду, які ў пачатку 16 ст. атрымаў грамату на вёску Дастоева (Іванаўскі раён Берасцейскай вобласці). Скончыў Пецярбургскую ваенна-інжынерную навучальню (1843). Сцвярджаў, што хрысціянскі ідэал усецярпімасці і ўсечалавечнасці можа дапамагчы Расеі засвоіць пазітыўныя каштоўнасці эўрапейскай культуры без крайнасцей і негатыўных момантаў сучаснай заходняй цывілізацыі (беднасць, варожасць саслоўяў, барацьба ўсіх супраць усіх). Паводле Д., дабро і зло карэніцца не ў культуры і дзяржаўным ладзе, а ў прыродзе самога чалавека, які самастойна, свабодна можа выбіраць сваю маральную пазіцыю. Лічыў, што свет выратуецца прыгажосцю. У творах Д. - раманах «Злачынства і пакаранне» (1866), Ідыёт» (1868), «Браты Карамазавы» (1879-1880), «Д'яблы» (1871-1872), «Падлетак» (1875) і інш. - пастаўлены вострыя сацыяльныя пытанні, апісаны псіхалагічныя канфлікты персанажаў, сцвярджаюцца ідэі аб гуманізме, грамадскай і чалавечай гармоніі. Творчасць Д. аказала магутны ўплыў на развіццё расейскай і сусветнай літаратуры.