У Беларусі гуманістычныя ідэі былі вядомы на ўсіх этапах гісторыка-культурнага развіцця грамадства. Хрысціянскі Г. пашыраўся праз рукапісную новазапаветную літаратуру (евангеллі), рэлігійную і свецкую літаратуру, царкоўную архітэктуру, музыку, розныя жанры народнай творчасці. У эпоху Рэнесансу рысы Г. яскрава праявіліся ў творчай і асветніцкай дзейнасці Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, Сімяона Полацкага, В.Цяпінскага і інш. З канца 18 - пачатку 19 ст. ўзніклі сацыяльна-утапічныя плыні гуманістычнай думкі, накіраванай на пабудову грамадства без эксплуатацыі, на аснове хрысціянскай згоды і гармоніі. Нацыянальна-беларуская плынь гуманістычнай думкі пашырылася з другой паловы 19 - пачатку 20 ст. (творчасць і грамадская дзейнасць В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.). У савецкі перыяд Г. звязваўся з рэвалюцыйна-класавай барацьбой за пабудову камуністычнага грамадства, якое нібы стварае перадумовы для ўсебаковага развіцця асобы. У канцы 20 ст. ўзмацніліся працэсы вывучэння і вяртання народу гуманістычных традыцый беларускай культуры.
Паведаміць пра недакладнасьць