Драздовіч Язэп (1888-1954), беларускі мастак, скульптар, археолаг, этнограф. Адзін з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу. Вучыўся ў Віленскай мастацкай школе. Працаваў у галіне кніжнай графікі, змяшчаў малюнкі і ілюстрацыі. У 1910-1920-я г. стварыў графічную серыю «Старажытная забудова ў Беларусі», партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, партрэты і замалёўкі памятных месцаў Ф.Багушэвіча. Працаваў у галіне скульптуры (бюст Ф.Скарыны, партрэты-барэльефы М.Машары, А.Грыневіча, Я.Пачопкі, сваёй маці). Упершыню ў беларускім мастацтве пачаў маляваць карціны на касмічныя тэмы. Маляваў насценныя дываны. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археалагічныя даследаванні, вёў археалагічныя дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». Аўтар навукова-папулярнай брашуры «Нябесныя бегі» (1931).

Паведаміць пра недакладнасьць