Дрэва, сімвал, архетып культуры. У большасці культур свету Д. ўспрымаецца як своеасаблівая мадэль Сусвету (Дрэва Сусвету). Паколькі яно карэннямі ўваходзіць у Зямлю, а галінамі - у Неба, то Д., як і сам чалавек, з'яўляецца адлюстраваннем «сутнасці двух светаў» і своеасаблівым пасярэднікам паміж «верхам і нізам», Небам і Зямлёй. У многіх старажытных культурах асобныя дрэвы ці цэлыя гаі лічыліся месцам знаходжання звышнатуральных істот (багоў, разнастайных духаў і г.д.). Д. нярэдка разглядалася як Вось Свету, вакол якой групуецца ўвесь Космас. Згодна з першабытнымі ўяўленнямі, Д. разглядаліся як адухоўленыя істоты, якія маюць сваю душу. Архетып Д. мае для беларускага народа асаблівае значэнне, паколькі беларусы з часоў старажытнасці пражывалі ў лясной зоне, дзе лесам у мінулыя стагоддзі была пакрыта большая частка тэрыторыі нашай зямлі.

Паведаміць пра недакладнасьць