Дынаміка культуры, культуралагічнае паняцце, якое ўжываецца для апісання змяненняў або мадыфікацыі рыс культуры ў прасторы і часе; апісанне культуры ў руху, у працэсе змен. Прычынамі, каталізатарамі Д.к. выступаюць неабходнасць адаптацыі да зменлівых знешніх умоў, вырашэння ўнутраных праблем, супрацьлегласцей, творчай ініцыятывы асобных індывідаў і супольнасцей, культурныя адкрыцці і вынаходніцтвы. Уключае ўзнікненне пэўных культурных з'яў, працэсаў, іх распаўсюджанне, развіццё, функцыянаванне і заняпад. Рэалізуецца ў галоўных відах - эвалюцыйным і цыклічным, прычым цыклічныя культурныя змены адрозніваюцца ад эвалюцыйных тым, што яны праз пэўныя адрэзкі часу могуць паўтарацца. Працэсы дынамічных змен могуць аналізавацца як на ўзроўні ўсёй культуры, так і яе асобных сфер - рэлігіі, навукі, філасофіі, мастацтва. Вылучаюцца інтэграцыйная і дэзінтэграцыйная, узыходзячая і сыходзячая, прагрэсіўная і рэгрэсіўная Д.к. Змены ў развіцці культуры могуць мець эвалюцыйны ці рэвалюцыйны характар, быць буйнамаштабнымі, мікрамаштабнымі, хуткапраходзячымі. Напр., буйнамаштабнымі зменамі ў культуры лічацца інтэрвалы часу ў 100-1000 гадоў (цывілізацыйныя зрухі), мікрамаштабнымі - перыяды ад 25-30 гадоў (час актыўнай дзейнасці ў культуры аднаго пакалення) да 100 гадоў, хуткапраходзячымі - ад аднаго месяца да некалькіх гадоў (сезонныя змены моды, жаргону моладзевых субкультур і інш.). Адной з формаў пераходу ад паступовых змен да рэзкага абнаўлення, радыкальных інавацый з'яўляецца своеасаблівы «выбух» (у тэрмінах сінергетыкі - «кропка біфуркацыі»), калі істотна павялічваецца колькасць навацый, у выніку чаго мяняецца вектар агульнага развіцця з магчымым выбарам некалькіх альтэрнатыўных шляхоў. Праблемы Д.к. разглядаліся ў работах М.Вебера, П.Сарокіна (яго шматтомная праца называлася «Сацыяльная і культурная дынаміка»), А.Моля і інш. даследчыкаў. Для гісторыка-культурнага развіцця Беларусі найчасцей была ўласціва эвалюцыйная Д.к., хаця часам мелі месца і змены рэвалюцыйнага характару (напр., у перыяд сацыяльных узрушэнняў 1917-1920 г.). Паскораная Д.к. беларускага народа адбывалася ў эпоху Адраджэння, у пачатку і ў канцы 20 ст.