Дыферэнцыяцыя культурная, працэс і вынік расчлянення, раздзялення культуры як цэласнага феномена на розныя структурныя элементы, часткі, формы, ступені. Існуе мноства падстаў, прыкмет для Д.к.: напр., па вераспавядальнай прыкмеце (хрысціянская, мусульманская, юдэйская і інш. культуры), сацыяльных прыкметах (культуры земляробаў, сялян, рамеснікаў, рабочых і г.д.), па этнічных, расавых, сацыябіялагічных і інш. прыкметах. Тыповым прыкладам Д.к. можа служыць паступовае вылучэнне з сінкрэтычнага адзінства першабытнай культуры такіх спецыялізаваных сфер культурнай актыўнасці, як рэлігія, мастацтва, права, гаспадарчая культура і інш. У распрацоўку праблем Д.к. унеслі немалы ўклад прадстаўнікі эвалюцыянісцкага і структурна-функцыянальнага падыходаў, прычым апошнія звязвалі яе найперш з павелічэннем інтэнсіўнасці міжкультурных кантактаў, а таксама міжасабовых і міжгрупавых сувязей у сучасным свеце.