Першабытная культура, сукупнасць вераванняў, традыцый, абрадаў, мастацкіх дасягненняў першабытнага грамадства. Першабытнае грамадства ўзнікла прыблізна 40-50 тыс. гадоў таму назад, у перыяд канчатковага афармлення чалавека сучаснага тыпу, а ў 4-3-м тыс. да н.э. яму на змену прыйшлі першыя цывілізаваныя грамадствы - Месапатамія і Эгіпет. П.к. захавалася да нашых часоў у абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, некаторых народаў Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі. Помнікі П.к. выяўлены на тэрыторыі Эўропы (пераважна ў Гішпаніі і Францыі), Афрыкі. Да ліку найбольш істотных, важных асаблівасцей П.к. адносяцца сінкрэтызм, гамагеннасць, утылітарнасць, магічны рытуалізм. Сінкрэтызм азначае, што ўсе віды і элементы П.к. існуюць у цесным узаемадзеянні, сінтэзе, у шчыльным узаемаперапляценні. Таму толькі дастаткова ўмоўна можна гаварыць асобна пра выяўленчае мастацтва, музыку, танцы, спевы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, тэатралізаваныя дзеянні і інш. Пра гамагеннасць (аднароднасць) сведчыць тое, што гэтая культура працяглы час захоўвала амаль нязменным сваё ўнутранае ядро і была падобнай у розных рэгіёнах свету. Утылітарнасць праяўлялася ў тым, што П.к. найчасцей была арыентавана на дасягненне практычнай карысці, індывідуальнай і калектыўнай выгоды людзей. Магічны рытуалізм быў заснаваны на рытуальных дзеяннях, магічна-міфалагічным успрыманні свету. Сярод розных відаў першабытнага мастацтва спачатку ўзнікла каменная скульптура; потым - наскальны жывапіс; яшчэ пазней - выраб глінянай пасудзіны і нанясенне на яе арнаменту (пераважна геаметрычнага выгляду). Да ліку тых культурных феноменаў і артэфактаў, якія ўзніклі ў эпоху першабытнага грамадства і працягваюць захоўвацца (хаця нярэдка ў трансфармаваным выглядзе) у сучасны перыяд, адносяцца асобныя рэлігійныя вераванні, культ продкаў, вера ў жыццё чалавека ў «іншасвеце», у знахараў, шаманаў, чарадзеяў і інш; сямейны лад жыцця, калектыўная праца, паляванне, амулеты, талісманы; вера ў існаванне душы, розных духаў, некаторыя святы і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць