Дэгуманізацыя (ад лац. de - прыстаўка, што азначае аддзяленне, humanus - чалавечны), страта грамадствам маральна-духоўных, гуманістычных каштоўнасцей; адмаўленне ад светапогляду, заснаванага на справядлівасці, увазе і павазе да асобы, індывідуальных якасцей чалавека. Паняцце Д. мастацтва ўвёў у навуковы ўжытак гішпанскі філосаф Х.Артэга-і-Гасет для абазначэння працэсу выдалення з мастацкіх твораў «занадта чалавечага» (па тэрміналогіі Ф.Ніцшэ), арыентаванага на звычайнае ўспрыманне, якое прадугледжвае ўзнаўленне жыцця ў «формах самога жыцця». Тэрмін Д. мастацтва найчасцей выкарыстоўваецца пры сацыялагічным і эстэтычным аналізе авангардысцка-мадэрнісцкіх кірункаў мастацтва 20 ст.