Іслам, монатэістычная рэлігія; адна з трох сусветных рэлігій (разам з будызмам і хрысціянствам). Узнік у першай палове 7 ст. н. на тэрыторыі Арабійскага паўвострава. Яе заснавальнік - прарок Магамет (Мухамед), які разглядаецца як прарок і пасланнік Бога. Сярод асноўных догматаў І.: вера ва ўсемагутнага, усяведнага, усюдыіснага Бога (Алаха), які з'яўляецца творцам усяго існага, уладыкай свету; вера ў святасць Карана; вера ў рай і пекла; вера ў несмяротнасць душы, а таксама ва ўваскрэсенне з памерлых у дзень Страшнага суда; вера ў боскую прадвызначанасць; вера ў ангелаў і дэманаў; вера ў прарокаў і пасланніцтва Мухамеда. Да ліку галоўных прарокаў у І. адносяцца Ібрахім (у хрысціянстве Аўраам), Муса (Маісей), Іса (Ісус), Нух (Ной) і інш. І. абапіраецца на пяць «стаўпоў веры», якія з'яўляюцца адначасова і найважнейшымі абавязкамі кожнага мусульманіна: 1) Спавяданне веры, г.зн. прамаўленне малітвы «Няма божаства акрамя Алаха, і Мухамед - пасланнік Яго» (шахада); 2) Штодзённая пяціразовая малітва (салят); 3) Пост (ураза) у месяц рамадан; 4) Добраахвотны падатак на карысць бедных (закят); 5) Паломніцтва ў свяшчэнны горад Меку (хадж). Галоўная дабрачыннасць мусульманіна - пакорлівасць Алаху. Цэнр рэлігійнага жыцця ў І. - мячэць. У сучасны перыяд у свеце налічваецца звыш 1 млрд. мусульман. У Беларусі І. (сунізм) вызнае татарскае насельніцтва, якое прыйшло сюды ў канцы 14 ст. Тады ж з'явіліся і першыя мячэці; у канцы 16 ст. іх налічвалася амаль 400. У наступныя стагоддзі мелі месца працэсы асіміляцыі мясцовых татар і іх адыходу ад І. У канцы 20 ст. пачалося ажыўленне рэлігійнай і грамадска-культурнай дзейнасці сярод беларускіх татар. Створаны самастойны Муфтыят Беларусі (1994), дзейнічаюць 24 абшчыны мусульман (2001).

Паведаміць пра недакладнасьць