Йога (санскр.; літар. - злучэнне, парадак, сузіранне), адзін з асноўных кірункаў у індыйскай думцы; практычная сістэма духоўнага і фізічнага самаўдасканалення чалавека. Узнікла ў Індыі тысячы гадоў таму назад. Паводле касмалогіі Й., свет мае два першапачаткі: пракрыці (матэрыя) і пуруша (духоўная субстанцыя, свядомасць). Іх узаемадзеянне з'яўляецца прычынай развіцця Сусвету і чалавека, які разглядаецца як прыватны выпадак спалучэння матэрыі і свядомасці. Сярод найбольш важных кірункаў Й.: карма-Й (шлях дзеяння) як метад пераадолення «суетных» інтарэсаў у жыцці; бхакці-Й (шлях любові да Бога - Брахмана, Вечнага, Абсалютнага Духу); раджа-Й (сістэма фізічных і псіхічных практыкаванняў, накіраваных на ачышчэнне цела і вызвалення душы). Для дасягнення гэтых мэт у Й. выкарыстоўваюцца розныя метады і сродкі - спецыяльныя фізічныя і псіхічныя практыкаванні, медытацыя, аскетызм, вегетарыянства, малітвы і інш. Практыка Й. дазваляе дасягнуць самапазнання, вызвалення чалавека ад путаў матэрыяльнага існавання.