Медытацыя (ад лац. meditatio - роздум, разважанне, абдумванне), разумовае дзеянне, мэтай якога з'яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленасці і засяроджанасці; адна з сістэм псіхафізічнай трэніроўкі чалавека. Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў і ўсякіх пабочных думак. М. таксама можна лічыць спецыяльным метадам пазнання вышэйшых філасофскіх і рэлігійных ісцін, ідэй, пастулатаў. У такім разуменні яна існавала са старажытных часоў у культуры многіх народаў свету. Методыка М. заключаецца ў канцэнтрацыі ўвагі і спакойным разважанні аб якім-небудзь прадмеце, з'яве ці працэсе. Асноўныя мэты М. - дасягненне чалавекам стану «прасветленасці», змяненне стэрэатыпаў яго мыслення і паводзін, а таксама яго вылячэнне. Амаль ва ўсіх філасофскіх і рэлігійных вучэннях асноўнае прызначэнне М. звязваецца са спасціжэннем, пазнаннем Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай ісціны, Касмічнага Розуму, Бога. Існуюць розныя тыпы М.: усходні (прадстаўлены йогай у Індыі; даасізмам у Кітаі; дзэн-будызмам у Японіі); хрысціянскі; псіхафізічны (разлічаны на псіхатэрапеўтычны эфект); тып М., распрацаваны ў школах сучаснага псіхааналізу і інш. Усходні тып М. накіраваны на рэлігійна-містычнае растварэнне індывідуальнай свядомасці ў безасабовым, акіянападобным абсалюце. Заходні тып М. (прадстаўлены ў хрысціянстве) прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб - чалавечай і боскай. Яго праявы маюць месца падчас працяглых малітваў, у аскетычных манаскіх практыках (напр., у перыяд правядзення літургій) і да т.п. Асобныя элементы М. прымяняюцца ў сучасным псіхааналізе, клінічнай псіхалогіі, у розных сістэмах аздараўлення і псіхафізічных трэнінгах (аўтагеннай трэніроўцы, нервова-мышачнай рэлаксацыі) і да т.п. Працягласць М. можа вагацца ад 10-15 мінут да некалькіх гадзін. У выніку заняткаў М. нярэдка паляпшаюцца фізічныя і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, вылечваюцца некаторыя хваробы, павышаецца вынослівасць арганізма, умацоўваецца імунітэт, развіваецца эстэтычны густ, выяўляюцца экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне, тэлекінез і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць