Дзэн-будызм (Дзэн), японская разнавіднасць традыцыйнага будызму. Пранік у Японію з Кітая ў 12 ст. і пашырыўся пераважна сярод самурайскага саслоўя. Асноўная мэта Д.-б. - пошук Ісціны, дасягненне Прасвятлення. Адным з галоўных метадаў дабіцца такога стану з'яўляецца штодзённая (нярэдка шматгадзінная) медытацыя ў спецыяльных залах у манастырах; выкарыстоўваюцца таксама спецыяльныя прытчы («року»), парадаксальныя загадкі («коаны»), дыялогі паміж вучнем і настаўнікам. Дзэнскі настаўнік - «росі» - павінен рознымі сродкамі (нярэдка незвычайнымі, неардынарнымі, а часам і грубымі - напр., моцны крык, удар рукой ці палкай па галаве і інш.) паспрыяць пошукам сваіх вучняў стану Буды. Кожны прыхільнік гэтай рэлігіі абавязаны знайсці свой уласны шлях да Ісціны. Некаторыя даследчыкі бачаць сутнасць Д.-б. ў ачышчэнні душы чалавека шляхам зліцця з прыродай. У Японіі амаль заўсёды мірна суіснавалі Д.-б. і сінтаізм, аб чым сведчыць будаўніцтва побач, на адной вуліцы, будысцкіх храмаў і сінтаісцкіх свяцілішчаў, а таксама ўдзел будысцкіх манахаў у сінтаісцкіх рытуалах, цырымоніях. Са спецыфікай Д.-б. цесна звязаны такія віды японскай мастацкай культуры, як манахромны жывапіс, каліграфія, паэзія, драма «Но», чайная цырымонія, ікэбана, разбіўка пейзажна-дэкаратыўных садоў, а таксама воінска-спартовыя мастацтвы і фізічна-аздараўленчыя сістэмы (каратэ, кэндо, айкідо, ніндзя, дзэн-медытацыя). На працягу 19-20 ст. ідэі Д.-б атрымалі шырокае распаўсюджанне сярод эўрапейскай і амерыканскай інтэлігенцыі.

Паведаміць пра недакладнасьць