Псіхааналіз,

1) метад псіхатэрапіі і псіхалагічнае вучэнне, якія ставяць у цэнтр увагі неўсвядомленыя псіхічныя працэсы і матывацыі. Распрацаваны ў канцы 19 - пачатку 20 ст. аўстрыйскім лекарам З.Фрэйдам. Ад П. як канкрэтнай тэорыі і метаду псіхатэрапіі неабходна адрозніваць фрэйдызм, які ўзводзіць асноўныя палажэнні П. ў ранг філасофска-антрапалагічных прынцыпаў. Фрэйд распрацаваў псіхічную структуру асобы, у якой вылучаюцца неўсвядомленае «Яно» (сфера інстынктаў і схільнасцей, жаданняў; своеасаблівы рэзервуар псіхічнай энергіі чалавека), свядомае «Я», што стрымлівае ірацыянальныя імпульсы «Яно» з дапамогай розных ахоўных механізмаў, заснаваных на выцясненні, і «Звыш-Я» (сфера сацыяльных нормаў, маральных установак, сумлення). Пасля фармавання «Звыш-Я» ўвесь псіхічны апарат пачынае функцыянаваць як адзіная цэльная структура. У аснове П. як сістэмы псіхатэрапіі - аналіз выцясненых комплексаў з дапамогай свабодных асацыяцый, тлумачэння сноў і інш. Культура тлумачыцца як вынік сублімацыі інстынктаў, пераўтварэння іх у сферу духоўнай творчасці і сацыяльнай актыўнасці. Унутраныя супярэчнасці канцэпцыі Фрэйда і яго паслядоўнікаў прывялі да з'яўлення ў пачатку 20 ст. новых школ і кірункаў «індывідуальнай псіхалогіі» А.Адлера і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пашырэнне П. ў краінах Эўропы пачалося пасля стварэння ў 1908 Міжнароднай псіхааналітычнай асацыяцыі. У 1920 адкрыўся Псіхааналітычны інстытут у Берліне, які пачаў выпускаць прафесійных лекараў-псіхааналітыкаў. Пасля другой сусветнай вайны развіццё П. адбывалася ў значнай ступені пад уплывам філасофіі экзістэнцыялізму, фенаменалогіі, неатамізму, неафрэйдызму. У сучасны перыяд у свеце (пераважна ў ЗША і Заходняй Эўропе) існуе мноства вучэбных і даследчыцкіх інстытутаў П., выпускаецца шмат адпаведнай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Ідэі П. аказалі даволі моцны і неадназначны ўплыў на многіх прадстаўнікоў заходняй літаратуры, выяўленчага мастацтва, грамадска-палітычнай думкі (напр., на Т.Мана, Ю.О'Ніла), а таксама на філасофію, псіхалогію, медыцыну, іншыя навукі. Спробы прымянення метаду П. характэрны для шэрагу мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх кірункаў выяўленчага мастацтва і літаратуры 20 ст. (напр., сюррэалізму, «патока свядомасці» і інш.).

2) У літаратуразнаўстве П. - спосаб трактоўкі літаратурных твораў з пункту гледжання вучэння аб неўсвядомленым, падсвядомасці. Мастацкая творчасць разглядаецца як сімвалічнае выражэнне псіхічных імпульсаў і схільнасцей (пераважна сексуальных), якія адвергнуты рэчаіснасцю і знаходзяць кампенсаторнае задавальненне ў галіне фантазіі. П. выяўляе ў гісторыі літаратуры ўстойлівыя сюжэтныя схемы, у якіх аўтар індэнтыфікуе сябе з героем і апісвае або выкананне сваіх падсвядомых схільнасцей, або іх трагічнае сутыкненне з сіламі сацыяльнай і маральнай забароны (напр., «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» У.Шэкспіра, «Браты Карамазавы» Ф.Дастаеўскага). Першыя ўзоры прымянення П. да літаратуры даў З.Фрэйд (работы «Паэт і фантазія», «Дастаеўскі і бацьказабойства»). Можа выкарыстоўвацца пры вывучэнні прадуктаў міфалогіі і «масавай культуры», дзе свядомае «Я» асобы раствараецца ў неўсвядомленым «Яно» і здымаюцца ўласна эстэтычныя крытэрыі.

Паведаміць пра недакладнасьць