Фрэйдызм, агульнае абазначэнне розных філасофска-псіхалагічных школ і плыняў, якія імкнуцца прымяніць псіхалагічнае вучэнне З.Фрэйда для вытлумачэння з'яў культуры, працэсаў творчасці і грамадства ў цэлым. Ф. як своеасаблівую сукупнасць філасофска-антрапалагічных дактрын неабходна адрозніваць ад псіхааналізу як канкрэтнага метаду даследавання неўсвядомленых псіхічных працэсаў, прынцыпам якога Ф. надаваў універсальнае значэнне. Пачаў фармавацца з пачатку 20 ст., атрымаў шырокае распаўсюджанне пасля першай сусветнай вайны. У канцы 1930-х г. узнік неафрэйдызм. Сярод вучняў і паслядоўнікаў Фрэйда ўжо ў пачатку 20 ст. ўзніклі рознагалоссі наконт таго, што трэба лічыць асноўнай рухальнай сілай чалавечай псіхікі. Калі сам Фрэйд лічыў ёй энергію неўсвядомленай псіхасексуальнай цягі, то А.Адлер надаваў выключнае значэнне комплексу непаўнавартасці і імкненню да самасцвярджэння, а К.Г.Юнг першааснову ўсяго псіхічнага жыцця бачыў у калектыўным неўсвядомленым і яго архетыпах. Уплыў Ф. найперш выявіўся ў сацыяльнай псіхалогіі, этналогіі, культурнай антрапалогіі, літаратуразнаўстве, мастацкай крытыцы і інш. Яго прыкметнае ўздзеянне зведала таксама тэорыя і практыка асобных мадэрніцскіх мастацкіх плыняў (напр., сюррэалізм, які прэтэндаваў на пашырэнне сферы мастацтва праз прыцягненне неўсвядомленага).

Паведаміць пра недакладнасьць