Фрэйд Зігмунд (1856-1939), аўстрыйскі лекар, псіхіятр, псіхолаг; заснавальнік псіхааналізу. Скончыў медыцынскі факультэт Венскага ўніверсітэта, дзе атрымаў ступень доктара медыцыны (1881). Займаўся прыватнай практыкай, працаваў у парыжскай клініцы Сальпетрыер. У 1902-1938 прафесар неўрапаталогіі Венскага ўніверсітэта. У 1938, пасля захопу Аўстрыі нацыстамі, эміграваў і пасяліўся ў Лондане. Развіў тэорыю псіхасексуальнага развіцця індывіда; у фармаванні характару і яго паталогіі галоўную ролю адводзіў перажыванням ранняга дзяцінства. Спачатку распрацаваў (разам з І.Брэйерам) т.зв. «катартычны метад», сутнасць якога заключалася ў адрэагаванні з дапамогай гіпноза забытых псіхічным траўм. Потым сфармуляваў і перайшоў да практычнага выкарыстання метаду «свабодных асацыяцый» як асновы псіхааналітычнай тэрапіі. Прынцыпы псіхааналізу распаўсюдзіў на розныя галіны чалавечай жыццядзейнасці - міфалогію, рэлігію, фальклор, мастацкую творчасць і да т.п. У агульным плане комплекс вучэнняў Ф. і яго паслядоўнікаў традыцыйна прынята называць фрэйдызмам. Паводле Ф., жыццё кожнага чалавека прадвызначаецца двума галоўнымі інстынктамі - сексуальным (інстынкт Эраса, ці прадаўжэння жыцця) і разбуральным (інстынкт Танатаса, ці смерці). Лічыў культуру своеасаблівай сумай «дасягненняў і інстытуцый, якія адрозніваюць наша жыццё ад жыцця нашых продкаў і служаць дзвюм мэтам: абароне чалавека ад прыроды і ўрэгуляванню адносін паміж людзьмі»; даваў ёй дастаткова крытычную ацэнку, бо яна сваімі нормамі, забаронамі і абмежаваннямі падаўляе сексуальны інстынкт, што нярэдка прыводзіць людзей да розных хвароб (найчасцей псіхічных). На думку Ф., праз механізм сублімацыі творцы (вучоныя, філосафы, пісьменнікі, мастакі, артысты і інш.) выцясняюць свае сексуальныя схільнасці і пераводзяць іх у сферу стваральнай дзейнасці. Сярод яго асноўных твораў - «Тлумачэнне сноў» (1900), «Псіхапаталогія штодзённага жыцця» (1904), «Лекцыі па ўводзінах у псіхааналіз» (1910), «Татэм і табу» (1913), «Я і Яно» (1923) і інш.