Культурная антрапалогія (культурантрапалогія), навуковы кірунак, які сфармаваўся ў першай палове 20 ст. у краінах Заходняй Эўропы і ЗША. Яе заснавальнік - амерыканскі этнолаг Ф.Боас. Для К.а. характэрна павышаная ўвага да аналізу духоўных працэсаў і феноменаў і адпаведна меншая да матэрыяльных артэфактаў і сістэм сацыяльных адносін. Да ліку асноўных праблем К.а. адносяцца дынаміка развіцця культуры, механізмы перадачы культурных каштоўнасцей ад пакалення да пакалення і да т.п. У рамках К.а. ўлічваецца зменлівасць сутнасці чалавека ў канкрэтна-гістарычнай разнастайнасці культур, што прадугледжвае пры аналізе чалавека абапірацца не толькі на яго біялогію і псіхалогію, але і на гісторыю, сацыялогію, тэалогію, мастацтвазнаўства і іншыя гуманітарныя навукі. Арыентуецца звычайна на параўнальныя, крос-культурныя даследаванні розных культур у пэўныя гістарычныя эпохі. У некаторых заходніх краінах (найперш у ЗША) словазлучэннем К.а. называюцца вучэбныя курсы, кафедры, навуковыя часопісы, навукова-даследчыя ўстановы, арганізацыі і інш. У іншых краінах замест яго найчасцей выкарыстоўваецца тэрмін этналогія.