Экзістэнцыялізм (ад познелацінскага existentia - існаванне), філасофскі кірунак, які ўзнік у першай палове 20 ст. спачатку ў Расеі, Германіі, пазней у Францыі і іншых краінах. Адрозніваюць рэлігійны (прадстаўнікі - К.Ясперс, Г.Марсель, М.Бярдзяеў) і атэістычны Э. (М.Хайдэгер, Ж.-П.Сартр, А.Камю). У цэнтры ўвагі Э. - чалавек, праблемы яго існавання, ці быцця (найперш у т.зв. «пагранічных сітуацыях»). Спасцігаючы сябе як экзістэнцыю, чалавек дабіваецца свабоды, якая ёсць выбарам самога сябе, сваёй унутранай сутнасці, што накладвае на яго пэўную адказнасць за ўсе падзеі ў свеце. Прадстаўнікі Э. лічаць, што асоба кожнага чалавека з'яўляецца яго ўласным унікальным стварэннем. Чалавек павінен імкнуцца выяўляць сваю свабодную волю і актыўна надаваць сэнс свайму ўласнаму існаванню, а не дазваляць навязваць яго збоку. Сярод галоўных аб'ектаў крытыкі з боку Э. былі манатоннасць сучаснага жыцця, падаўленне свабоднай волі людзей, антыгуманныя грамадскія парадкі, няздольнасць рэалізацыі творчых здольнасцей індывідаў і да т.п. Асноўны сэнс і змест Э. можна выказаць фразай - «Быць самім сабой, быць верным сабе, выбраць сябе самога». Аказаў прыкметны ўплыў на заходнюю мастацкую культуру 20 ст. (ідэі Э. падзялялі такія вядомыя творцы, як Э.Хемінгуэй, А.дэ Сент-Экзюперы, П.Пікасо і інш.).