Хайдэгер Марцін (1889-1976), нямецкі філосаф. Вучыўся ў езуіцкай школе, вывучаў філасофію ў Фрайбургскім універсітэце пад кіраўніцтвам Г.Рыкерта. З 1916 працаваў асістэнтам Э.Гусерля. У 1923-1928 ардынарны прафесар філасофіі ў Марбургскім, з 1928 - у Фрайбургскім універсітэтах. У 1933-1945 - рэктар Фрайбургскага ўніверсітэта. На фармаванне філасофскіх поглядаў Х. аказалі ўплыў фенаменалогіяЭ.Гусерля, філасофія жыцця, пратэстанцкая тэалогія. Сваю філасофію вызначаў як «шлях» да быцця; спасцігнуць гэтае быццё можна толькі праз «тут-быццё», якое «ёсць мы самі» і мае канечны характар. Разглядаў інтэнцыянальнасць (накіраванасць на прадмет) як спосаб быцця асобы. Лічыў Час асноўнай характарыстыкай самога быцця. Сцвярджаў, што мінулае не застаецца «ззаду», а наадварот, пастаянна прысутнічае ў сённяшнім, вызначае сабой як сучаснасць, так і будучыню. Паводле Х., метафізіка з'яўляецца асновай сучаснай навукі і тэхнікі, што ставяць сваёй мэтай падначаленне свету чалавеку. Быццё, на яго думку, нібы жыве ў найбольш інтымнай сферы культуры - мове, таму апошняя ўспрымалася Х. як своеасаблівы «дом быцця»; прычым не людзі гавораць «мовай», а мова «гаворыць» людзям і «людзьмі». У позні перыяд абвясціў немагчымасць рацыянальнага спасціжэння быцця, пачаў звяртацца да ўсходніх рэлігійна-філасофскіх традыцый (найперш да дзэн-будызму), заснаваных на паэтычна-містычным светаўспрыманні. Пераадоленне «хвароб» сучаснага свету Х. бачыў на шляху вяртання да старажытных часоў, да «вытокаў» чалавецтва. Таму ён меў схільнасць да простага сялянскага побыту, да жыцця ў «інтымнай блізкасці» да зямлі і рэчаў, крытычна адносіўся да буйных гарадоў. Даследаваў творчасць нямецкамоўных паэтаў - Гёльдэрліна, Рыльке, Тракля і інш. У 1920-1930-я г. набыў шырокую вядомасць і папулярнасць у многіх краінах свету, найперш у Заходняй Эўропе. Сярод яго асноўных прац - «Быццё і Час» (1927), «Кант і праблема метафізікі» (1929), «Ніцшэ» (1961) і інш.