Камп'ютэрнае мастацтва (англ. computer - вылічальнік), сукупнасць культурных артэфактаў, створаных з дапамогай камп'ютэрнай тэхнікі. Узнікла ў апошняй трэці 20 ст.; першая выстаўка твораў К.м. пад назвай «Кібернетычная інтуіцыя» адбылася ў Лондане ў 1968. Творы К.м. набіраюцца на пульце камп'ютэра, паказваюцца на экране манітора, агучваюцца праз дынамікі, раздрукоўваюцца на прынтэры. Сярод асноўных відаў К.м. - камп'ютэрная графіка, камп'ютэрная музыка, камп'ютэрны дызайн, камп'ютэрная анімацыя і інш. У адрозненне ад узнаўлення выяў на паперы ці іншым традыцыйным носьбіце, створанае на экране камп'ютэра можна вельмі хутка змяніць, падправіць, сціснуць або расцягнуць у любым напрамку, заставіць рухацца, змяніць ракурс ці колер і да т.п. Магчымасці К.м. шырока выкарыстоўваюцца ў кінамастацтве, музыцы, архітэктуры, выяўленчым мастацтве, мультыплікацыі, дызайне, канструяванні, мадэліраванні, а таксама пры стварэнні тэлевізійных перадач, рэкламных ролікаў, пры мастацкім афармленні кніг і г.д.

Паведаміць пра недакладнасьць