Каштоўнасць, філасофскі, сацыялагічны і культуралагічны тэрмін, які фіксуе чалавечае, сацыяльнае і культурнае значэнне пэўных з'яў рэчаіснасці, якія ацэньваюцца ў плане дабра і зла, праўды і хлусні, прыгажосці і агіднасці, дапушчальнага і забароненага, справядлівага і несправядлівага і інш. К. называюцца таксама спосабы і крытэрыі, на аснове якіх ацэньваюцца адпаведныя з'явы (устаноўкі, ацэнкі, забароны, мэты ці праекты). К. азначаюць не самі па сабе прадметы матэрыяльнай культуры, з'явы духоўнай культуры або працэсы ў сферы чалавечых адносін, а іх сацыяльную якасць і значэнне ў жыццядзейнасці грамадства. У рамках той ці іншай культуры, цывілізацыі фармуецца своеасаблівы набор і іерархія К., сістэма якіх выступае ў якасці найбольш высокага ўзроўню сацыяльнай рэгуляцыі. Навука аб прыродзе і асаблівасцях К. - аксіялогія.

Паведаміць пра недакладнасьць