Аксіялогія (ад грэч. axios - каштоўны + logos - вучэнне, веды), вучэнне аб прыродзе каштоўнасцей, іх ролі і месцы ў сацыяльнай рэчаіснасці, аб структуры каштоўнаснага свету. Пытанні А. пачалі асэнсоўвацца яшчэ ў антычным свеце (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.) і распрацоўваліся на працягу ўсёй гісторыі сусветнай філасофскай думкі (П.Абеляр, В.Віндэльбад, Г.Рыкерт, М.Шэлер, М.Вебер і інш.). Прадмет А. - гістарычна абумоўленыя этычныя, эстэтычныя і інш. каштоўнасці ў іх узаемасувязі і ў адносінах да сацыякультурнай сферы і структуры асобы. Базавай для А. з'яўляецца праблема абгрунтавання магчымасці існавання каштоўнасцей у структуры быцця і іх сувязі з прадметнай рэальнасцю. У культуралагічнай навуцы аксіялагічная праблематыка займае істотнае месца ў сувязі з шырока распаўсюджанай трактоўкай культуры як сукупнасці ўсіх каштоўнасцей, створаных чалавецтвам, а таксама з актуальнасцю, практычнай важнасцю праблемы ідэалаў (як абагульненых уяўленняў аб дасканаласці ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства). Аксіялагічны аналіз лічыцца важнай састаўной часткай пры вывучэнні працэсаў інкультурацыі, звязаных з засваеннем чалавекам сістэмы культурных норм і каштоўнасцей. Распрацоўкай разнастайных пытанняў, звязаных з А., займаюцца пераважна прадстаўнікі структурна-функцыянальнага падыходу. Перыяды грамадскіх, духоўна-культурных крызісаў павышаюць увагу да асэнсавання ролі і месца каштоўнасцей у жыцці грамадства. У сярэдзіне 20 ст. ўзнікла ідэя прыярытэтнасці агульначалавечых каштоўнасцей (свабода і правы чалавека, захаванне міру, пераадоленне экалагічнай і тэхнагеннай катастроф, новых пагроз чалавецтву і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць