Кітан Бастэр (1895-1966; сапр. Джозеф Фрэнсіс Кітан), амерыканскі акцёр, адзін з найбольш таленавітых акцёраў-комікаў (разам з Ч.Чапліным) эпохі «нямога кіно». Выступаў таксама як эстрадна-цыркавы артыст. Яго першы фільм - «Тры эпохі» (1923) - з'яўляўся эксцэнтрычнай пародыяй на стужку «Нецярпімасць» Д.У.Грыфіта. У фільмах з удзелам К. смешныя сітуацыі найчасцей заснаваны на няпростых «ўзаемаадносінах» чалавека і разнастайных «упартых машын» - паравозаў, матацыклаў, аўтамабіляў, параходаў і інш. Свае акрабатычныя трукі выконваў (у адрозненне ад больш тэатралізаванай, нярэдка сентыментальнай акцёрскай манеры Ч.Чапліна) з непахіснай стрыманасцю, за што заслужыў рэпутацыю «вялікага каменнага твару». К. быў наватарам і эксперыментатарам у галіне кінематаграфічнай тэхнікі, паколькі выкарыстоўваў налажэнне кадраў, множнае выяўленне і да т.п. Сярод яго найбольш вядомых фільмаў - «Навігатар» (1924), «Генерал» (1927), «Каледж» (1927) і інш. У 1952 зняўся ў эпізодзе фільма «Агні рампы» разам з Ч.Чапліным. У 1959 атрымаў спецыяльную прээмію «Оскар».

Паведаміць пра недакладнасьць