Контррэфармацыя, царкоўна-палітычны рух у Эўропе сярэдзіны 16-17 ст. на чале з папствам, накіраваны супраць Рэфармацыі. Галоўнай мэтай К. было аднаўленне страчаных каталіцкай царквой пазіцый у грамадска-культурным жыцці. Яе асноўнымі праваднікамі былі манаскія ордэны (найперш езуіты), рымская курыя, інквізіцыя. К. уключала барацьбу супраць свецкай навукі і навуковага светапогляду, разнастайных ерасяў, прыцясненне пратэстантаў, арганізацыю рэлігійных канфліктаў, войнаў і да т.п. У Беларусі К. ўзмацнілася пасля Люблінскай вуніі 1569. З 1570-1580-х г. езуіты пашырылі свой уплыў на рэлігійна-палітычнае і духоўна-культурнае жыццё, арганізоўвалі пагромы пратэстантаў, ганенні на праваслаўныя брацтвы, прагрэсіўных мысліцеляў, філосафаў, грамадскіх дзеячаў, вальнадумцаў. Берасцейская вунія 1596 умацавала пазіцыі К. ў Беларусі, адкрыла шлях для больш жорсткага ўціску. Асабліва праследаваліся прадстаўнікі радыкальнай Рэфармацыі - антытрынітарыі. У 1647 закрыты ўсе іх друкарні і школы, у 1658 сейм прыняў рашэнне аб выгнанні іх з Рэчы Паспалітай, у 1668 забараніў пераход з каталіцкай у іншыя веры. Засталіся толькі асобныя кальвінісцкія школы і абшчыны. У 1733 праваслаўная шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і іншых дзяржаўных установах. У 1730-1740-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.

Паведаміць пра недакладнасьць