Асветніцтва, грамадска-палітычная, ідэйная і культурная плынь 18 - першай паловы 19 ст., прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. А. ўзнікла ў заходнеэўрапейскіх краінах (Англія, Францыя і інш.). Галоўныя прадстаўнікі А.: у Англіі - Дж.Локк, А.Э.Шэфтсберы, Дж.А.Колінз, Дж.Толанд; у Францыі - Вальтэр, Ш.Мантэск'ё, Ж.Ж.Руссо, Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах; у Германіі - Г.Лесінг, І.Гердэр, І.Гётэ; у ЗША - Т.Джэферсан, Б.Франклін, Т.Пэйн; у Расеі - І.Новікаў, А.Радзішчаў. Яны выказваліся за ўстанаўленне «царства розуму», заснаванага на прынцыпах свабоды, братэрства і роўнасці ўсіх людзей, арыентаваліся на прынцып «натуральнага права», паводле якога кожны чалавек мае права на асабістую свабоду і поўнае выяўленне сваіх здольнасцей, поглядаў. Асветнікі выкарыстоўвалі навуковыя адкрыцці і дасягненні ў галіне прыродазнаўства, гуманітарных ведаў у барацьбе супраць феадальна-царкоўнай ідэалогіі, абсалютысцкіх рэжымаў, схаластычных метадаў адукацыі і выхавання, дагматычнага мыслення. 18 ст. ўвайшло ў гісторыю як «эпоха А.», падчас якой сфармавалася адмысловая культура А., для якой было характэрна ўзмацненне свецкіх пачаткаў, большая вытанчанасць, лёгкасць і меншая ўзвышанасць, глыбіня (у параўнанні з папярэднім перыядам), своеасаблівая цяга да геданізму, пачуццёвага задавальнення, заангажаванасць у працэсы грамадска-палітычнага жыцця. Сярод усіх відаў культуры на першыя месцы выйшлі філасофія, музыка і тэатр, якія нават адцяснілі на другі план выяўленчае мастацтва. Хутка пачала развівацца навука, якая разам з філасофіяй лічылася найлепшым увасабленнем магчымасцей чалавечага розуму. Асноўнымі стылямі мастацкай культуры па-ранейшаму заставаліся барока і класіцызм, аднак узніклі і новыя стылі - ракако і сентыменталізм. Найбольш яркімі творцамі эпохі А. былі: у філасофіі - Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Д.Дзідро; І.Гердэр; у літаратуры - І.В.Гётэ, Ф.Шылер, Д.Свіфт, Д.Дэфо; у музыцы - І.С.Бах, В.А.Моцарт, Г.Гендэль, Й.Гайдн; у выяўленчым мастацтве - Ж.А.Фраганар, Ж.Л.Давід, Ф.Бушэ, А.Вато і інш. У эпоху А. ідэалам чалавека лічылася адукаваная, высокакультурная асоба, якая схільная да прагрэсіўных новаўвядзенняў, вызначаецца рацыяналістычным мысленнем, скептычнымі адносінамі да рэлігійных догмаў.

У Беларусі ідэі А. распаўсюдзіліся ў 2-й палове 18 - пачатку 19 ст. і знайшлі адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, гістарычнай навуцы, літаратуры і мастацтве (працы і погляды К.Лышчынскага, С.Полацкага, І.Капіевіча, Б.Дабшэвіча, К.Нарбута, М.Пачобут-Адляніцкага, А.Снядэцкага, В.Карчэўскага, А.Маркевіча, П.Славінскага і інш. У сваіх творах беларускія асветнікі сцвярджалі гуманістычныя ідэі дабра і справядлівасці, выхавання і адукацыі на аснове свабоды перакананняў, высокай грамадзянскасці і адказнасці, неабходнасць пабудовы дэмакратычнага грамадства, усталявання законнасці і захавання правоў чалавека. У пашырэнні асветніцкіх ідэй важную ролю адыграла створаная ў 1773. Адукацыйная камісія, якая, па сутнасці, была першым у Эўропе міністэрствам народнай асветы. Адметнымі рысамі беларускага А. былі яго элітарны характар (асветніцкі рух ахапіў пераважна прадстаўнікоў шляхты і мяшчанства), навукова-адукацыйны кірунак, арыентацыя на вырашэнне сялянскай праблемы (вызваленне сялян ад прыгнёту, надзяленне іх неад'емнымі правамі). Ідэалогія А. знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных стылях, кірунках літаратуры і выяўленчага мастацтва. У 18 ст. пад уплывам А. класіцызм пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. Адначасова з перайманнем эўрапейскіх мастацкіх стыляў (барока, класіцызм, ракако) у выяўленчым мастацтве пашыраліся мясцовыя стылі і школы (Магілеўская, Віцебская і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць