У беларускай літаратуры рысы Р. (у спалучэнні з традыцыямі класіцызму і сентыменталізму) выявіліся ў першай палове 19 ст. ў творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Рыпінскага. Вядучае месца ў творчасці беларускіх рамантыкаў занялі нацыянальна-вызваленчыя і гуманістычна-асветніцкія ідэалы. Р. прынёс у беларускую літаратуру новага героя селяніна. Прыёмы і матывы Р. пазней знайшлі развіццё ў творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-Музыка»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), Цёткі («Мора»), З.Бядулі («Салавей»). Рамантычны кірунак моцна адчуваўся ў паэзіі і прозе 1920-1950-х г. (М.Чарот, У.Дубоўка, М.Зарэцкі, К.Чорны, М.Лынькоў, П.Броўка, А.Куляшоў, М.Танк, П.Панчанка і інш.). У сучаснай літаратуры рамантычныя тэндэнцыі найбольш выразныя ў лірыцы і малых жанрах прозы (мініяцюра, навела, апавяданне, кароткая аповесць). Яркімі, самабытнымі ўзорамі рамантычнага кірунку з'яўляліся раманы і драмы Ў.Караткевіча («Нельга забыць», «Чорны замак Альшанскі», «Званы Віцебска», «Маці ўрагану»). Асобныя рысы Р. выразна выступаюць у раманах, аповесцях і апавяданнях Я.Брыля, В.Быкава, А.Карпюка, І.Навуменкі і інш. У архітэктуры Р. выявіўся пераважна ў формах т.зв. «несапраўднай готыкі» (сядзіба ў в. Прылукі Менскага раёна). Быў пашыраны ў каталіцкіх культавых будынках (касцёл у г.п. Відзя Браслаўскага раёна). У канцы 18 ст. Р. пашырыўся ў садова-паркавым мастацтве: паркі ўпрыгожваліся штучнымі руінамі, гротамі, памятнымі плітамі, абеліскамі. У сферы выяўленчага мастацтва ён спалучаўся, суседнічаў з элементамі класіцызму. Найбольш ярка выявіўся ў творчасці жывапісцаў Я.Дамеля («Вызваленне Касцюшкі з няволі», «Аўтапартрэт» і партрэт А.Гюнтэра), В.Ваньковіча («Міцкевіч на скале Аюдаг»), Я.Сухадольскага, В.Дмахоўскага, І.Хруцкага, скульптараў Р.Слізеня, графікаў А.Бартэльса, Б.Клямбоўскага і інш.
Паведаміць пра недакладнасьць