Эстэтыка (ад грэч. aesthethikos - пачуццёвы), філасофская дысцыпліна, якая вывучае сферу выразных форм любой сферы дзейнасці (у т.л. мастацкай), дадзеных як самастойная і пачуццёва ўспрымальная каштоўнасць. У Э. даследуюцца праблемы сутнасці і адметных рыс эстэтычнага ў сістэме каштоўнасных адносін, заканамернасці дыферэнцыяцыі эстэтычных каштоўнасцей, якія выступаюць у мностве канкрэтных мадыфікацый (прыгожае і агіднае, узвышанае і нізкае, трагічнае і камічнае і інш.). Заснавальнікам Э. лічыцца А.Баўмгартэн, які вызначаў яе як «навуку аб пачуццёвым пазнанні», што дасягае дасканаласці ў мастацтве. На яго думку, прыгажосць і ёсць «дасканаласць пачуццёвага пазнання», г.зн. дасканаласць адчуванняў, эмоцый, памяці, інтуіцыі, фантазіі. Да 18 ст. катэгорыя «Э.» атаясамлівалася з паняццем прыгожага. У нямецкай класічнай Э. 18 - пачатку 19 ст. развівалася яе разуменне як філасофіі мастацтва (І.Кант, Г.В.Гегель і інш.). Асноўнай праблемай філасофска-эстэтычнай думкі старажытнасці, Сярэднявечча і ў значнай ступені Новага часу з'яўляецца праблема прыгожага. Сучасная інтэрпрэтацыя Э. звязана з пошукамі новай духоўнасці, новага гуманізму адзінай агульначалавечай цывілізацыі.

Паведаміць пра недакладнасьць