Русо Жан Жак (1712-1778), французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Эўропы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д'Аламбера. Аўтар філасофскіх твораў «Аб грамадскім дагаворы» (1762), «Роздум аб пачатку і асновах няроўнасці» (1755), раманаў «Эміль, ці Аб выхаванні», «Юлія, ці Новая Элаіза», «Споведзь», якія паспрыялі станаўленню псіхалагізму ў эўрапейскай літаратуры. Выступаў супраць сацыяльнай няроўнасці, саслоўнага эгаізму, асноў існуючай улады і права. Ідэалізаваў т.зв. «натуральны стан» усеагульнай роўнасці і свабоды, які быў разбураны ўвядзеннем прыватнай уласнасці. Дзяржава можа ўзнікнуць, паводле Р., толькі ў выніку т.зв. «грамадскага дагавора» - спецыяльнай дамоўленасці свабодных людзей. Прапагандаваў культ прыроды і натуральнасці, крытыкаваў гарадскую культуру і цывілізацыю, якія сказілі першапачаткова дасканалую сутнасць чалавека. Сукупны комплекс яго ідэй - «русаізм» - паўплываў на развіццё эўрапейскай філасофскай думкі і літаратуры канца 18-19 ст. (найперш на сентыменталізм, рамантызм).

Паведаміць пра недакладнасьць