Культурная экспансія, працэс пашырэння сферы ўплыву дамінуючай (нацыянальнай) культуры за першапачатковыя межы або дзяржаўныя граніцы. Тэрмін «К.э.» прымяняецца найчасцей у адносінах да культуры Захаду канца 19-20 ст. і яе распаўсюджання на залежныя ў эканамічным і палітычным сэнсах тэрыторыі Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі. У другой палове 20 ст. адбылася беспрэцэдэнтная К.э. Злучаных Штатаў Амерыкі, якая спачатку закранула краіны Заходняй Эўропы, у 1960-я г. - Японіі, у 1970-я г. - Лацінскай Амерыкі, а ў 1990-я г. - краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. К.э. ажыццяўляецца ў значнай ступені праз сучасныя сродкі масавай інфармацыі - тэлебачанне, радыё, відэа, Інтэрнет; для яе характэрны вестэрнізацыя ладу жыцця, імкненне дасягнуць палітычных мэт шляхам культурных сувязей, фармаванне ў залежных краінах празаходняй культурнай эліты і інш. Пры гэтым многія палітычныя і грамадска-культурныя дзеячы краін «трэцяга свету» не пратэставалі супраць К.э., паколькі лічылі, што яна дапаможа падняць іх дзяржавы да сусветнага ўзроўню развіцця.

Паведаміць пра недакладнасьць