Культурны лаг, культуралагічнае паняцце для апісання сітуацыі, калі адны часткі культуры змяняюцца больш хутка (напр., тэхналогія), а другія - больш марудна (духоўная культура). Тэрмін увёў у навуковы ўжытак амерыканскі сацыёлаг У.Огбарн у 1922. Звычайна каштоўнасны свет чалавека не паспявае прыстасоўвацца да занадта хуткіх змен у матэрыяльнай сферы. Асабліва гэта ўласціва моладзі, духоўны свет якой найчасцей не мяняецца так хутка, як іх матэрыяльнае становішча. К.л. апісвае такую сітуацыю, калі ў грамадства ўжо з'явіліся тэхналагічныя вынаходніцтвы, а сацыякультурнай адаптацыі да іх насельніцтва яшчэ не адбылося.

Паведаміць пра недакладнасьць