Левяш Ілья (н. 1934), беларускі філосаф, культуролаг. Доктар філасофскіх навук (1975), прафесар (1979). Акадэмік Нью-Ёркскай АН (з 1995). Скончыў Адэскі ўніверсітэт (1960). З 1960 працаваў у Іркуцкім інстытуце народнай гаспадаркі, Куйбышаўскім політэхнічным і Нікалаеўскім караблебудаўнічым інстытутах. З 1982 у Менскім тэхналагічным інстытуце. У 1990-1992 навуковы супрацоўнік Ерусалімскага ўніверсітэта. З 1993 у Менскім лінгвістычным універсітэце. Даследуе праблемы культуралогіі, дыялектыкі сацыяльнага і навукова-тэхнічнага прагрэсу, цывілізацыі і культуры, трансфармацыі культурна-цвілізацыйных працэсаў. У сваіх даследаваннях зыходзіць з агульнанавуковай неабходнасці строга размяжоўваць аб'ект міждысцыплінарных гуманітарных ведаў (неабсяжны космас свету чалавека, яго культуры і цывілізацыі) і прадмет культуралагічных ведаў. Лічыць, што сістэмаўтваральным ядром культуразнаўства з'яўляецца культуралогія як філасофія культуры. На яго думку, культура як «царства свабоды» адрозніваецца ад цывілізацыі як «царства неабходнасці». Сярод яго асноўных прац - «Змест і крытэрыі грамадскага прагрэсу» (1973), «Навукова-тэхнічная рэвалюцыя: перадумовы, сутнасць, сацыяльныя наступствы (1981), «Метадалогія культуралагічных ведаў» (1994), «Культуралогія: Курс лекцый» (2-выд., 1999), «Культуралогія: Навучальны дапаможнік (4-е выд., 2001) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць