Культуралогія (ад лац. cultura і грэч. logos - навука), галіна сацыягуманітарных ведаў; навуковая дысцыпліна пра сутнасць і тыпы культуры, яе сацыяльныя функцыі, заканамернасці і дынаміку гістарычнага развіцця. Тэрмін «К.» у 1949 увёў у навуковы ўжытак амерыканскі культурантраполаг Л.Уайт. Як асобная навуковая і вучэбная дысцыпліна яшчэ знаходзіцца ў стадыі канцэптуальнага афармлення, вызначэння паняційна-катэгарыяльнага апарату. У многіх заходніх краінах праблемы К. вывучаюцца найперш этналогіяй і культурнай антрапалогіяй. К. уяўляе сабой адзінства тэорыі і гісторыі культуры, разглядае ва ўзаемасувязі матэрыяльную культуру, духоўную культуру і культуру чалавечых адносін. Выкарыстоўвае і мадыфікуе метады даследавання, катэгорыі і паняцці, уласцівыя іншым гуманітарным навукам - філасофіі, гісторыі, сацыялогіі, этналогіі, псіхалогіі, мастацтвазнаўству і г.д. У межах агульнай К. вылучаюць такія кірункі, як філасофія культуры, сацыялогія культуры, псіхалогія культуры, гісторыя культуры. Існуюць розныя канцэпцыі, школы і падыходы да асэнсавання сутнасці і гістарычнай эвалюцыі культуры, спасціжэння яе ролі і месца ў жыццядзейнасці грамадства (напр., дыфузіянізм, эвалюцыянізм, культурна-гістарычная школа, функцыянальны падыход і інш.). Найбольш прыкметны і арыгінальны ўклад у станаўленне і развіццё К. ўнеслі на працягу другой паловы 19-20 ст. такія вядомыя гісторыкі, філосафы, сацыёлагі, псіхолагі, як Э.Тайлар, Дж.Фрэзер, М.Данілеўскі, О.Шпенглер, А.Тойнбі, М.Бярдзяеў, П.Сарокін, Й.Хейзінга, Х.Артэга-і-Гасет, З.Фрэйд, К.Г.Юнг, Ф.Боас, К.Леві-Строс, М.Эліядэ, М.Мід, М.Бахцін, Ю.Лотман, Д.Ліхачоў і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць