Духоўная культура, сукупнасць духоўных каштоўнасцей, створаных людзьмі ў працэсе іх грамадска-гістарычнай дзейнасці. Уключае веды, працоўныя навыкі, традыцыі і звычаі, розныя віды мастацтва, народнай творчасці, уяўленняў і вераванняў, што перадаюцца ад пакалення да пакалення і забяспечваюць цэласнасць і стабільнасць этнасу. З падзелам працы на разумовую і фізічную Д.к. пачала існаваць у двух відах - прафесійная (ахоплівае як самастойныя віды дзейнасці навуку, літаратуру, мастацтва, адукацыю, права, мараль, рэлігію) і народная (вераванні, звычаі, традыцыі, святы, вусная паэтычная творчасць), якія знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні і ўзаемапранікненні. Існуе ў арганічным адзінстве з матэрыяльнай культурай. Д.к. уяўляе сабой усю сукупнасць інфармацыі, якая захоўваецца ў калектыўнай памяці розных супольнасцей людзей і праяўляецца ў пэўных формах паводзін.

Паведаміць пра недакладнасьць