Філасофія культуры (культурфіласофія), раздзел філасофіі, які займаецца спасціжэннем глыбіннай сутнасці культуры, яе месца, ролі і значэння ў жыццядзейнасці грамадства; адзін з кірункаў філасофскіх навуковых даследаванняў культуры як фундаментальнай характарыстыкі чалавека, арганізаванага вопыту індывідуальнай і сумеснай дзейнасці людзей. Тэрмін Ф.к. ўвёў у навуковы ўжытак у пачатку 19 ст. нямецкі рамантык А.Мюлер для абазначэння культурнай творчасці чалавецтва. Паняцце Ф.к. выкарыстоўваецца пераважна ў заходняй філасофіі для абазначэння асэнсавання сутнасці і значэння культуры. У Ф.к. аналізуюцца фундаментальныя праблемы ўзнікнення (генезісу) і гістарычнай эвалюцыі культуры, тыпалогія, дынаміка і пераемнасць культуры, узаемасувязь матэрыяльнай, духоўнай культур і культуры чалавечых адносін, асноўныя тэндэнцыі яе развіцця, уплыў на культурныя працэсы іншых фактараў (дэтэрмінант) - сацыяльна-эканамічных, грамадска-палітычных, этнаканфесійных, полаўзроставых, дэмаграфічных) і інш. Уяўляе сабой метадалогію асэнсавання метафізічнай сутнасці культуры і арыентуецца на яе філасофскае спасціжэнне. Існуюць розныя канцэпцыі культурнага развіцця, у якіх закранаюцца асобныя пытанні, аспекты Ф.к. Аўтарамі гэтых канцэпцый былі не толькі вядомыя замежныя філосафы і культуролагі, але і псіхолагі, сацыёлагі, філолагі і інш. Спробы распрацоўкі Ф.к. рабіліся яшчэ з антычнай эпохі (Платон, Арыстоцель, Плоцін, Дыяген Сінопскі, Антысфен, Аўрэлій Аўгустын і інш.). Пэўныя крокі ў рэчышчы Ф.к. былі зроблены таксама ў эпохі Сярэднявечча і Адраджэння, аднак найбольш плённага развіцця як асобны кірунак філасофіі яна дасягнула ў новы і навейшы час (Г.Зімель, Э.Гусерль, О.Шпенглер, А.Тойнбі, М.Бярдзяеў, М.Данілеўскі, П.Сарокін, М.Бахцін, М.Эліядэ, Ю.Лотман і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць