Фрэзер Джэймс Джордж (1854-1941), брытанскі антраполаг, этнолаг, філолаг. Атрымаў адукацыю юрыста, але ніколі не займаўся юрыдычнай практыкай. На выбар кірунку яго навуковых даследаванняў аказала кніга Э.Б.Тайлара «Першабытная культура», пасля азнаямлення з якой Ф. вырашыў стаць антраполагам і паступіў у Трыніці-каледж Кембрыджскага ўніверсітэта. Вучыўся таксама ва ўніверсітэце г. Глазга (Шатландыя). У сваіх даследаванняў выкарыстоўваў параўнальны метад пры аналізе звычаяў і паўсядзённай жыццядзейнасці «прымітыўных народаў». Выкладаў сацыяльную антрапалогію ва ўніверсітэце Ліверпуля. На працягу многіх гадоў Ф. займаўся даследаваннямі з'яў татэмізму і табу. Прытрымліваўся канцэпцыі т.зв. «псіхічнага адзінства», паводле якой універсальнае падабенства праяў чалавечага розуму з'яўляецца важнейшым фактарам эвалюцыі чалавецтва. Ва ўспрыманні Ф. антрапалогія - гэта «навука аб чалавечых пачатках». Найбольш вядомая праца Ф. - «Залатая галінка» - была ўпершыню апублікавана ў 1890, а пазней была перакладзена на мноства моў свету. Сярод іншых значных прац - «Татэмізм і экзагамія» (1910), «Фальклор у Старым Запавеце» (1918), «Галава Гаргоны» (1918). Меў мноства вышэйшых акадэмічных узнагарод, а ў 1914 атрымаў рыцарскую годнасць.