Малевіч Казімір (1878-1935), беларускі і расейскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў навучальні жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904-1905) і ў студыі Ф.Рэрберга ў Маскве (1905-1910). У 1919-1922 выкладаў у Народнай мастацкай школе ў Віцебску. У 1923-1927 дырэктар Ленінградскага інстытута мастацкай культуры. На мяжы 1900-1910-х г. імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909; «Станцыя без прыпынку», 1911). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх поўнасцю адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з'яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў («Чорны квадрат», 1915; «Палёт аэраплана», 1915; «Чырвоны квадрат», 1917 і інш.). У 1920-я г. з дапамогай прасторавых кампазіцый («архітэктонаў») вывучаў фармальную мову пластычных мастацтваў, ствараў праекты побытавых рэчаў, малюнкі для тэкстыля і інш. У 1918 стварыў афармленне першай пастаноўкі «Містэрыі-буф» У.Маякоўскага. У пачатку 1930-х г. рабіў спробы вярнуцца да выяўленчасці ў жывапісе і перайсці да савецкай тэматыкі («Дзяўчына з чырвоным дрэўкам», 1932). Аўтар мастацтвазнаўчых прац «Ад кубізма да супрэматызма» (1916), «Супрэматызм» (1920) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць