Міжкультурны дыялог, працэс узаемадзеяння розных культур. На яе спецыфіку аказваюць прыкметны, але неадназначны ўплыў розныя дэтэрмінаты - у першую чаргу сацыяльна-эканамічная, грамадска-палітычная і маральна-духоўныя. Існуе мноства форм М.д. - сумесныя вечарыны, конкурсы, фестывалі, канцэрты, семінары, канферэнцыі, «круглыя сталы», сімпозіумы, пераклады і інш. Адбываецца як на індывідуальным (паміж асобнымі творцамі), так і на групавым, калектыўным (паміж групамі людзей, арганізацыямі, творчымі калектывамі) узроўнях у розных відах мастацтва - літаратуры, кінематографе, выяўленчым і тэатральным мастацвах, фальклоры, архітэктуры і да т.п. У выніку раўнапраўнага М.д. найчасцей адбываецца ўзаемнае ўзбагачэнне нацыянальных культур іншаэтнічнымі, іншакультурнымі здабыткамі, каштоўнасцямі, а ў выніку нераўнапраўнага, аднабаковага - наадварот, можа адбыцца асіміляцыя пэўнай этнакультурнай супольнасці. Суб'ектамі М.д. выступаюць творчыя асобы (літаратары, музыканты, мастакі, спевакі, навукоўцы, архітэктары і інш.), а таксама адпаведныя культурна-асветныя ўстановы, аргаізацыі, таварыствы. У цэлым у сучасны перыяд узрастае інтэнсіўнасць і разнастайнасць М.д.