1) У выяўленчым мастацтве мастацкі твор малых памераў, які вызначаецца асабліва тонкай манерай налажэння фарбаў. Першапачаткова М. азначала выкананыя гуаш'ю, акварэллю і іншымі фарбамі ілюстрацыі, застаўкі, ініцыялы і інш. у рукапісных кнігах (сярэднявечных эўрапейскіх, блізкаўсходніх, сярэднеазіяцкіх, іранскіх, індыйскіх). У Сярэднявеччы ствараліся царкоўныя кнігі з М., на якіх былі выяўлены жывёлы і людзі, адлюстроўваліся біблейскія вобразы, матывы і персанажы з Евангелля, Псалтыра. Часам сустракаліся і свецкія сюжэты (напр., сельскагаспадарчыя работы, паляванне) на сярэднявечнай кніжнай М. Пазней назва «М.» перайшла і на жывапіс малога фармату (галоўным чынам партрэтную), якая выконвалася на кардоне, косці, паперы, фарфоры, лакавых вырабах. У Беларусі кніжная М. вядома з 10-13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.).
2) У літаратуры - невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. - лірычных замалёўках, абразках, паэтычных рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага і інш.). Вершаваныя М. - пераважна лірычныя творы, якія складаюцца звычайна з 2-6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, А.Разанава і інш. Драматургічная М. - сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатырычны твор, у якім дзейнічаюць 2-3 персанажы.
3) У музыцы - невялікая музычная п'еса для фартэпіяна (пераважна) і іншых інструментаў і выканальніцкіх складаў. Яе адметныя рысы - малы маштаб, лаканічнасць формы, тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб'яднанне асобных п'ес у цыклы. Вядома ў творчасці беларускіх кампазітараў (Л.Абеліёвіч, Г.Вагнера, С.Картэса, Л.Шлег, Я.Глебава і інш.).