Мулявін Уладзімір (1942-2003), артыст эстрады, кампазітар. Народны артыст Беларусі (1979). Народны артыст СССР (1990). Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1980). Вучыўся ў Свярдлоўскай музычнай навучальні (1956-1958). З 1962 артыст Беларускай філармоніі, з 1969 мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага беларускага эстраднага ансамбля «Песняры». Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і сучаснай эстраднай музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Рэчанька», «Купалінка», «А ў полі вярба», «Перапёлачка» і інш.). Сярод найбольш значных твораў - опера-прытча «Песня пра долю» (1972) па матывах беларускіх абрадавых песень, вакальны цыкл «Я не паэта...» (1981) на словы Я.Купалы, музычны спектакль «На ўвесь голас» (1988) на словы Ў.Маякоўскага, песенна-інструментальныя кампазіцыі «Праз усю вайну» (1985) на словы беларускіх і расейскіх паэтаў, песні «Александрына», «Завушніцы», «Ой, калядачкі» і інш. Лаўрэат многіх музычных конкурсаў і фестываляў. Галоўны прыз фірмы «Мелодыя» - «Залаты дыск» 1982. Пісаў музыку да драматычных спектакляў і кінафільмаў. У творчай дзейнасці М. экспрэсіўнае, нярэдка драматычна напружанае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем і ўзбагачэннем традыцый беларускага песеннага фальклору, арыгінальным выяўленнем у музыцы глыбіннага зместу літаратурных твораў.

Паведаміць пра недакладнасьць