Нацыянальная самасвядомасць, сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі, а таксама аб сваім месцы і ролі ў жыцці роднага народа. Першасныя элементы Н.с. пачынаюць складвацца яшчэ ў першабытным грамадстве, калі людзі праяўляюць схільнасць мысліць у катэгорыях супрацьпастаўлення «мы» - «яны». Звычайна прадстаўнікі сваёй этнічнай супольнасці («мы») па шэрагу антрапалагічных, псіхалагічных, культурных, моўных прыкмет ацэньваюцца адназначна пазітыўна, а сябры іншаэтнічных груп, наадварот, найчасцей яўна негатыўна. Канчатковае фармаванне Н.с адбываецца ў працэсе ўтварэння нацыі на аснове ўсведамлення людзьмі свайго агульнага паходжання і непарыўнай звязанасці з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, пачуцця агульнанацыянальнай салідарнасці. У структуры Н.с. арганічна ўзаемазвязаны рацыянальныя, ідэалагічныя, эмацыянальна-пачуццёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элементы. Н.с. большасці народаў свету аформілася на працягу 18-20 ст., калі на розных кантынентах у выніку ўзмацнення кансалідацыі этнасацыяльных супольнасцей, актывізацыі нацыянальна-вызваленчых рухаў сфармаваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., ангельская, нямецкая, французская, японская, амерыканская). Н.с. знаходзіцца ў аснове пачуцця агульнадзяржаўнага патрыятызму, нацыянальнага гонару, любові да роднага народа, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.

Н.с. беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19 - пачатку 20 ст., што было абумоўлена ўзмацненнем нацыянальна-вызваленчага руху, актывізацыяй нацыянальна-культурнага жыцця і пачаткам складвання беларускай нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень Н.с. быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, частцы сялянства. Аднак у 1920-я г. Н.с. даволі прыкметна вырасла сярод прадстаўнікоў усіх сацыяльных катэгорый насельніцтва Беларусі, што было звязана з ажыццяўленнем палітыкі беларусізацыі, спробамі гарманізацыі міжнацыянальных адносін. У наступныя дзесяцігоддзі развіццё Н.с. было запаволена ў выніку ўзмацнення працэсаў асіміляцыі і дэнацыяналізацыі беларускага грамадства. У сучасны перыяд паглыбленне Н.с. з'яўляецца важным сродкам самазахавання беларускай нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у справе пабудовы свабоднага, дэмакратычнага і незалежнага грамадства.

Паведаміць пра недакладнасьць