Паганіні Нікола (1782-1840), італьянскі кампазітар, скрыпач, гітарыст. Адзін з найвялікшых віртуозаў у гісторыі сусветнага музычнага мастацтва. Першае публічнае выступленне адбылося ў 11 гадоў, а першае канцэртнае турнэ - у 15 гадоў. Даў сотні канцэртаў у буйнейшых гарадах Эўропы. Яго ігра на скрыпцы вызначалася надзвычайнай лёгкасцю, віртуознасцю. Творчая дзейнасць П. была перарвана ў 1834 г. ў сувязі з пагаршэннем стану яго здароўя і шэрагам публічных скандалаў. Фантастычная віртуознасць, дэманічны воблік, вулканічны тэмперамент парадзілі легенды вакол яго імя. Заклаў асновы сучаснай скрыпічнай выканальніцкай тэхнікі. З-за надзвычайнага майстэрства ігры на скрыпцы многія сучаснікі лічылі, што П. валодае нейкай недасягальнай для іншых таямніцай ці нават што ён прадаў душу д'яблу. Яго творчасць аказала надзвычай моцны ўплыў на развіццё скрыпічнага мастацтва ўсіх наступных эпох. Уласныя творы П. маюць мноства вельмі складаных пасажаў, што сведчыць пра багацце тэхнічных прыёмаў. Адметная рыса яго твораў - гарманічнае спалучэнне высокай тэхнікі з творчай вынаходлівасцю і лагічнасцю канструкцыі. Яго музыка была класічнай па форме, але мела шмат рыс рамантызму.