Палімарфізм культуры (ад грэч. poly - шмат + morphe - форма), множнасць форм культуры, яе разнастайнасць. Звычайна ў больш складана арганізаваных грамадствах існуе больш выяўлены П.к. Прычынамі П.к. выступаюць сацыяльная неаднароднасць грамадства (наяўнасць розных сацыяльных груп, саслоўяў - напр., дваранства, духавенства, сялянства, інтэлігенцыя і інш.), адрозненні ў змесце кожнага сацыякультурнага кампанента (розныя эліты, канфесіі, страты і інш.), функцыянальная розніца каштоўнасцей на розных узроўнях і сферах жыццядзейнасці грамадства. У высокаразвітых, стабільных культурах выпрацоўваюцца свае спосабы і механізмы пераадолення супрацьстаяння каштоўнасных матывацый без іх узаемнага разбуральнага сутыкнення. Сімвалічным выяўленнем П.к. могуць служыць метафарычныя формулы для вызначэння розных нацыянальных культур - асобныя даследчыкі расейскую культуру вызначаюць як «ікону і тапор» (Д.Білінгтон), японскую - як «Хрызантэму і меч» (Р.Бенедыкт).